Кампанія Nestle некалькі дзесяцігоддзяў прадавала забруджаную фекаліямі і кішачнай палачкай ваду пад выглядам прыроднай мінеральнай. Пра гэта заявілі расследавальнікі незалежнай газеты Mediapart.
Паводле іх звестак, вада была з крыніц на тэрыторыі Францыі, а ў ёй прысутнічалі кішачная палачка (бактэрыя Escherichia coli) і пестыцыды. Карпарацыя фільтравала гэтую ваду забароненымі метадамі. Бутыляваную ваду прадавалі ў тым ліку і пад прэміяльнымі брэндамі S. Pellegrino і Perrier.
Расследавальнікі падлічылі, што за апошнія 15 гадоў Nestle зарабіла на такім махлярстве тры мільярды еўра.
Арганізацыя спажыўцоў Foodwatch заклікала пакараць вінаватых.
«Nestle, відаць, дзесяцігоддзямі прадавала мільярды бутэлек вады, якая не мела нічога агульнага з „натуральнай мінеральнай вадой“: у Францыі, Еўропе і нават па ўсім свеце, і спажыўцы былі зусім не ў курсе. Калі новыя паведамленні СМІ пацвердзяцца, выснова будзе толькі адна: скандал з мінеральнай вадой — вынік дзесяцігоддзяў сістэматычнага махлярства з боку харчовага гіганта. Цяпер улады павінныя дзейнічаць хутка. Неабходнае судовае расследаванне. Nestle не стаіць вышэй за закон», — заявілі ў Foodwatch France.
Еўрапейская камісія збіраецца на наступным тыдні апублікаваць справаздачу пра дзеянні французскіх уладаў па гэтай справе. У кампаніі адмаўляюць віну.