Мінівэн Renault днём 1 верасня праваліўся пад зямлю на паркоўцы ў Бабруйску. Момант, калі машына сыходзіла пад зямлю, трапіў на камеры відэаназірання. Што стала прычынай, пакуль невядома, піша «Вечерний Бобруйск».
Усё адбылося ў раёне вуліцы Сацыялістычнай, 197/1. На кадрах відаць, што спачатку пад зямлю сышло левае пярэдняе кола аўтамабіля, потым Renault праваліўся практычна цалкам. За некалькі імгненняў да гэтага людзі паспелі выйсці з машыны, уключаючы як мінімум адно дзіця.
Паведамлялася, што ніхто не пацярпеў.
Як высветлілася, іншамарку спрабаваў адбуксаваць іншы аўтамабіль, але падчас гэтага мінівэн амаль цалкам сышоў пад зямлю.
Што стала прычынай здарэння, пакуль невядома. Звычайна грунт правальваецца падчас разгерметызацыі падземных камунікацый. Падобныя выпадкі ў Бабруйску ўжо былі — на вуліцах Леніна і Гогаля, піша «Вечерний Бобруйск».