Праект пастановы: Польшча падоўжыла спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента, які замяняе пашпарт
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Польскі праязны дакумент на спрошчаных для грамадзян Беларусі ўмовах можна будзе атрымаць да 31 снежня 2024 года. Гэта вынікае з праекта пастановы міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, піша Цэнтр беларускай салідарнасці.

Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка. Фота: «Белсат»

Пастанова павінная набыць моц ужо 1 ліпеня 2024 года.

«Звяртаем вашую ўвагу, што дакумент яшчэ не прыняты. На гэты момант такія нормы дзейнічаюць толькі да 30 чэрвеня 2024 года», — адзначае ЦБС.

Спрошчаны парадак выдачы праязных дакументаў для грамадзян Беларусі быў уведзены ў Польшчы пастановай Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ў ліпені 2023 года. У адпаведнасці з ім для беларусаў уводзіліся наступныя паслабленні:

  • вызваленне ад выплаты збору за выдачу праязнога дакумента для замежніка — цяпер яго памер складае 350 злотых) — гэтая мера будзе дзейнічаць бестэрмінова аж да яе адмены;
  • з заявай з просьбай выдаць дакумент маглі звярнуцца таксама беларусы, якія ніколі не мелі праязнога дакумента (у першую чаргу пашпарта), — у тым ліку дзеці;
  • беларусам, у адрозненне ад іншых заяўнікаў, не трэба было даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
  • з заявай з просьбай выдаць дакумент маглі звярнуцца беларусы, якія маюць у Польшчы толькі часовы від на жыхарства незалежна ад мэтаў яго выдачы.