МЗС Польшчы неаднаразова заклікала суграмадзян не ездзіць у Беларусь з прычыны вайны, напружаных адносін паміж краінамі і рызыкі арышту. Аднак палякі ўсё роўна наведваюць нашую краіну: паводле звестак памежнікаў, са студзеня ў Беларусь па бязвізе прыехала больш за 17 тысяч грамадзян Польшчы, а ўсяго з пачатку яго дзеяння менш за год таму — амаль 40 тысяч чалавек. Адзін з іх нядаўна прабавіў некалькі дзён у Мінску і Гродне. Пра сваё падарожжа і прыгоды на мяжы ён расказаў у Facebook. Пост паляка выклікаў бурнае абмеркаванне сярод карыстальнікаў сацсеткі.

У чэрвені паляк Каміль Зёбэрка на чатыры дні з’ездзіў па бязвізе ў Беларусь. Перад гэтым ён пабываў у Латвіі і Эстоніі, а ў нашую краіну прыехаў з Вільнюса.
Знаёмства з беларускімі рэаліямі пачалося ў яго проста на мяжы.
— Мяжу я перасёк хутчэй без праблем, хаця гэта як паглядзець. Было некалькі пытанняў пра тэрмін і мэту падарожжа, колькі ў мяне грошай і ці ёсць забраніраваны начлег. Стаўленне беларускіх памежнікаў змушае жадаць лепшага, яны не былі ветлівымі — магчыма, таму што я не ведаю рускай, — расказаў Каміль.
Але на гэтым сустрэчы не скончыліся: турыста адвялі ў пакой, дзе яго чакалі два чалавекі ў цывільным — яны, наадварот, паводзіліся «вельмі добразычліва» і размаўлялі з ім па-англійску.
— Былі пытанні пра тое, ці гляджу я тэлевізар і ці карыстаюся Telegram. Я адказаў, што не. Мяне спыталі, адкуль я бяру інфармацыю, на гэта я сказаў, што праблемы тых, хто «наверсе», мяне не хвалююць, — працягвае паляк.
Пасля гэтага ў Каміля і яго суразмоўцаў «завязалася цікавая размова». Паводле словаў паляка, ён даў зразумець, што незадаволены сітуацыяй у сваёй краіне, і такім чынам знайшоў з імі агульную мову. У прыватнасці, ён паскардзіўся на польскую медыцыну, пенсійную сістэму і «неймаверна высокія» падаткі.
Тым часам адзін з мужчын папрасіў у вандроўніка тэлефон і пачаў там капацца.
— Здаецца, ён слаба шукаў, бо ў мяне на Facebook і ў Instagram было фота Пуціна на туалетнай паперы, якую я купіў у Кіеве, — адзначае Каміль.

«Нам трэба бухаць»
Калі паляк нарэшце дабраўся да Мінска, ён убачыў там «зусім іншы свет». На вакзале дзве дзяўчыны дапамаглі яму падключыцца да Wi-Fi, тамсама Каміль пазнаёміўся з яшчэ адным беларусам, які чакаў свайго цягніка. Даведаўшыся, што іншаземец прыехаў з Польшчы, ён папрасіў яго пачакаць і неўзабаве вярнуўся з гарэлкай і двума кубачкамі для кавы.
— Ён наліў і сказаў, што нам трэба «бухаць». Я з ім выпіў і хвілінку пасядзеў, — успамінае паляк.
Турыст адзначыў, што ў Беларусі не працуе сэрвіс таксі Uber, звярнуў увагу на «звычайных спакойных людзей» у метро, пахваліў чыстыя вуліцы і ежу ў рэстаранах. У Мінску ён пабываў у Музеі Вялікай Айчыннай вайны і Музеі ката.
— Абышоў горад уздоўж і ўпоперак і не сутыкнуўся ні з якімі непрыемнасцямі, — піша Каміль.

«Вельмі мала пратусіў у Беларусі»
Пасля сталіцы ён паехаў у Гродна.
— Беларуская глыбінка з акна цягніка трохі нагадвае Польшчу 90-х. Калі казаць пра прадуктовыя крамы, то ўсё даступнае. Крыху танней, чым у Польшчы, — адзначыў паляк, дадаўшы, што ў Гродне ўсе былі «вельмі добразычлівыя».
На выездзе з краіны ў яго ўжо ніхто ні пра што не пытаў — толькі памежніца пракаментавала, што ён «вельмі мала пратусіў» у Беларусі.
Пост Каміля сабраў мноства водгукаў іншых палякаў — карыстальнікаў Facebook. Некаторыя дзякавалі яму за аповед, задавалі пытанні і паведамлялі, што самі збіраюцца з’ездзіць у Беларусь, аднак многіх абурыў эпізод на мяжы.
«„Даў зразумець, што незадаволены сітуацыяй у сваёй краіне, і такім чынам знайшоў з імі агульную мову“. І вы гэтым выхваляецеся? Вы гэтым ганарыцеся? У мяне гэта ў галаве не ўкладваецца!» — напісаў адзін з каментатараў, заявіўшы, што турыст «прадаў сябе і сваю краіну».
«Этычнае пытанне: ці добра гэта — у сваё задавальненне хадзіць па мінскіх барах і расказваць афіцэрам КДБ, як кепска ў Польшчы? А калі б вам прапанавалі патаптацца па польскім сцягу ў пацверджанне „добранадзейнасці“ — вы б таксама гэта зрабілі?» — спытаў іншы.
Паляку нагадалі, што з Беларусі ўцякаюць самі беларусы, у краіне адбывае пакаранне больш чым тысяча палітвязняў, а з яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну.
Турыста таксама папярэдзілі, што яго можа выкарыстаць у сваіх мэтах беларуская прапаганда.
«Ідэальна падыходзіш да іх патрэбаў. Прыязджае паляк з кепскага Захаду і стогне, як у яго краіне дрэнна. Віншую! І лепш добра правер тэлефон», — параілі яму.
Чытайце таксама