У Гродне два падлеткі патушылі газіроўкай Вечны агонь, супраць іх распачалі крымінальную справу за хуліганства, здзейсненае групай асоб, і паказальна ўзялі пад варту ў актавай зале школы. Да суда іх змясцілі ў СІЗА. Тэлеканал «Белсат» пагаварыў са знаёмым сям'і аднаго са школьнікаў і даведаўся, як адбывалася затрыманне хлопцаў і колькі яны прабудуць за кратамі.
На мінулым тыдні набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал расказаў, што ў Гродне затрымалі школьнікаў 14 і 15 гадоў, якія пагасілі газіроўкай Вечны агонь на брацкай магіле савецкіх вайскоўцаў і партызан у парку Жылібера, а пасля нібыта выклалі ў інтэрнэт відэазапіс. Далей міліцыянты нібыта заўважылі відэа, затрымалі хлопцаў і змясцілі іх у ізалятар. Але на самай справе ўсё было не зусім так.
Як расказаў «Белсату» знаёмы сям'і аднаго з затрыманых, першапачаткова міліцыя забрала падлетка з урокаў раніцай 21 кастрычніка наогул па іншай справе:
«Забралі, бо ў іх нейкая бойка з хлопцамі адбылася, і яго ўзялі, каб паказанні ўзяць. Потым міліцыянты пачалі правяраць яго тэлефон, і там было гэтае відэа».
Пазней сілавікі пераслалі гэтае відэа сабе, і толькі потым яно трапіла ў інтэрнэт, але самі падлеткі нічога не выкладвалі. У допісе праўладнага тэлеграм-канала сказана, што падлеткі нібыта самі выклалі відэа ў інтэрнэт.
Да школьнікаў паспелі прыехаць бацькі, яны прысутнічалі на допыце разам з затрыманымі хлопцамі. Пасля допыту бацькі былі ўпэўненыя, што іх дзяцей адпусцяць дадому, але сілавікі вырашылі затрымаць тых на 72 гадзіны і павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. За гэты час бацькам не паведамлялі, як іх дзеці, не давалі звязвацца з імі. Толькі 24 кастрычніка патэлефанавалі і сказалі, што вырашылі арыштаваць падлеткаў на даўжэйшы тэрмін — да суда.
«Гэтыя тры дні мы наогул не ведалі, дзе і як яны былі, ні тэлефона не далі, ні адвакатаў, нікога. Следчы нічога не казаў. Толькі потым, у панядзелак, патэлефанавалі і сказалі: „Прыязджайце, будзем арыштоўваць“. Да гэтага наогул не ведалі, што з імі і дзе будуць знаходзіцца», — расказвае знаёмы сям'і.
Сілавікі, ужо затрымаўшы падлеткаў, вырашылі зладзіць паказальны працэс аб узяцці іх пад варту ў актавай зале школы. У праўладным тэлеграм-канале тады напісалі:
«Хайпажорам арганізавалі хвіліну славы па месцы вучобы. Школьнікам расказалі пра „подзвіг“ іх таварышаў і адказнасць за такія „прыколы“. Весела і смешна ўжо нікому не было».

«Усе ў шоку ад таго, што зладзілі гэтую паказуху. Дзяцей яны не правучылі, а толькі мацней раззлавалі. Дзеці ўвесь дзень потым плакалі хадзілі, перажывалі за хлопцаў», — падзяліўся з «Белсатам» знаёмы сям'і.
Адміністрацыя школы цяпер таксама спрабуе дапамагчы затрыманаму школьніку.
Усяго ў тым інцыдэнце ўдзельнічалі чатыры падлеткі, аднаму з іх 13 гадоў — ён праходзіць у якасці сведкі. У той вечар хлопцы вярталіся з дыскатэкі, па дарозе зайшлі ў краму па прадукты і пасля пайшлі праз парк, дзе і быў Вечны агонь. На апублікаваным відэа бачна, што хлопцы спрачаюцца, ці можна патушыць агонь, аператар падбухторвае хлопца з бутэлькай паспрабаваць гэта зрабіць. Выказванняў пра тых, каму прысвечаны Вечны агонь, на відэа не чуваць. Ці быў пашкоджаны Вечны агонь газіроўкай, не паведамляецца.
«Я разумею [жаданне] пакараць, але не гэтак жа. Яны ж нават не ўсведамляюць, не зразумелі, што гэты агонь азначае, і толкам не разумеюць. Міма ішлі і зачапіліся за яго, потым спалохаліся і ўцяклі. Я не апраўдваю, але гэта ж усё па дурасці зрабілі. Яны нават не ведалі і не думалі, што ён можа патухнуць, не збіраліся яго тушыць. Нават спрачаліся паміж сабой, што ён не можа патухнуць», — кажа знаёмы сям'і.
Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу за «злоснае (групавое) хуліганства» — па арт. 339 КК РБ. Школьнікаў могуць пакараць арыштам, абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Адказнасць па гэтым артыкуле наступае з 14 гадоў.
Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА да суда. Першапачаткова родным казалі, што справа будзе доўжыцца два месяцы, але, паводле іншых крыніц, следчыя будуць весці яе тры месяцы.
«Мы нічога не ведаем пра гэта. Што следчыя збіраюцца высвятляць тры месяцы, незразумела», — каментуе знаёмы сям'і аднаго з хлопцаў.
Блізкія ўжо змаглі перадаць затрыманым падлеткам прадукты і цёплыя рэчы, але пагаварыць або пабачыцца з імі да суда яны не змогуць.