З 31 траўня ў Беларусі чаргов раз знізяць стаўку рэфінансавання — з 10 да 9,75% гадавых. Пра гэта паведамляе Нацбанк. Гэта ўжо пятае зніжэнне паказчыка за гэты год.

C 31 траўня таксама знізяць стаўку па крэдыце авернайт — з 11 да 10,75% гадавых, стаўку па дэпазіце авернайт — з 9 да 8, 75% гадавых.
«Нізкія месячныя тэмпы прыросту спажывецкіх цэн абумоўліваюць захаванне трэнду на запаволенне гадавой інфляцыі. У красавіку 2023 года яна склала 4,7 працэнта супраць 6 працэнтаў месяц таму. Асноўныя кампаненты індэкса спажывецкіх цэн дэманструюць запаволенне. Гадавая базавая інфляцыя знізілася да 4,6 з 5,6% у папярэднім месяцы, трэндавая інфляцыя — да 4,6 c 6», — тлумачыць рэгулятар.
У Нацбанку чакаюць у найбліжэйшыя месяцы захаванне нізкіх месячных тэмпаў прыросту спажывецкіх цэн. Паказчык гадавой інфляцыі будзе ніжэйшы за 5%.
«Працягваецца аднаўленне дзелавой актыўнасці. Аб’ём крэдытнай падтрымкі банкамі арганізацый у нацыянальнай валюце павялічваецца супастаўна пашырэнню плацежаздольнага попыту. Гэта адбываецца на фоне зніжэння працэнтных ставак, а таксама ў рамках працэсу дэвалютызацыі эканомікі. Сярэдняя працэнтная стаўка па зноў выдаваных крэдытах банкаў і ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь“ юрыдычным асобам у красавіку 2023 года склала 8,65% гадавых супраць 8,97% месяц таму. Паступова павялічваецца ўнутранае спажыванне, чаму ў тым ліку садзейнічае пашырэнне рознічнага крэдытавання», — удакладняе рэгулятар.
Нацбанк ацэньвае праінфляцыйныя рызыкі па-ранейшаму як умераныя. «Гадавыя тэмпы прыросту рублёвай грашовай масы стабілізаваліся, але ўсё яшчэ застаюцца высокімі. Яе актыўная частка расце хутчэй у параўнанні з тэрміновымі зберажэннямі насельніцтва, — паведамляе Нацбанк. — Наступныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэньваючы рызыкі з боку ўнутраных і знешніх умоваў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў».
Раней стаўку рэфінансавання сёлета зніжалі тройчы — з 2 траўня, 3 красавіка, 1 сакавіка і 23 студзеня.