Краінам — удзельніцам Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) неабходна згуртавацца. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на сустрэчы з новым генеральным сакратаром арганізацыі Імангалі Тасмагамбетавым.

— Калі нехта думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька дзесьці адседзімся, то нічога такога, так не будзе. Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра) — ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю. Я не кажу, што на шкоду нацыянальным інтарэсам і гэтак далей. Але з усімі нашымі саюзнымі недахопамі нам давядзецца дакладна вызначаць сваю палітыку, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць разам, — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ніхто не штурхае дзяржавы дзейнічаць насуперак сваім нацыянальным інтарэсам».
— Але кампрамісы нам давядзецца знаходзіць. Хоць у АДКБ мы ж ужо даўно іх знайшлі і дзейнічаем як адзіная арганізацыя. Думаю, вось гэты складаны перыяд нам трэба будзе прайсці, і ён яшчэ больш згуртуе нашую арганізацыю на тых прынцыпах, якія патрэбныя і магчымыя для кожнай дзяржавы, што ўваходзіць у гэтую арганізацыю. Давайце падумаем разам над гэтым, — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, старшынства ў АДКБ у 2023 годзе перайшло да Беларусі. Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэты год у арганізацыі пройдзе пад дэвізам «Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі».