«Усе хочуць падацца ў першы дзень». У Мінску выпускнікі стаяць у вялізных чэргах на апастыль
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Валянцін збіраецца паступаць за мяжу, таму раніцай 17 чэрвеня ён пайшоў падаваць атэстат на апастыль у Дэпартамент якасці адукацыі, што на вуліцы Казлова ў Мінску. На месцы малады чалавек убачыў велізарную чаргу з некалькіх сотняў людзей. Аказалася, некаторыя з іх стаяць тут з ночы. Даведаліся падрабязнасці.

Снимок используется в качестве иллюстрации. Фото: mir.pravo.by
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: mir.pravo.by
З меркаванняў бяспекі імя суразмоўцы змененае.

Паводле ацэнкі Валянціна, ля ўваходу ў будынак стаяла каля 150−200 чалавек. Яшчэ дзясяткі людзей чакалі ля дрэваў.

— У асноўным гэта былі школьнікі і студэнты. Але сустракаліся старэйшыя за 35−40 гадоў. Магчыма, бацькі, — разважае малады чалавек. — Аказалася, некаторыя прыйшлі сюды яшчэ ноччу.

Людзі, што стаялі ў чарзе, падзяліліся з Валянцінам спасылкай на спецыяльны тэлеграм-чат. Мяркуючы з таго, што там пішуць, увесь час ля ўваходу ў будынак дэпартамента знаходзіцца хтосьці з дзяжурных. У іх можна запісацца ў чаргу (імя і прозвішча пішуць проста ў сшытак). Потым у свой часавы прамежак людзі прыходзяць да корпуса. Увечары ў нядзелю, 16 чэрвеня, у спісе было трохі больш за 500 чалавек.

— Як мне сказалі, запісацца анлайн, праз тэлеграм нельга, — кажа суразмоўца. — Сама падача ў дэпартаменце праходзіць хутка. Запаўняеш бланк, табе даюць квітанцыю і кажуць дату, калі прыйсці і ўсё забраць. На афармленне ідзе хвілін пяць-восем.

Валянцін кажа, што, нягледзячы на хуткасць, паспелі далёка не ўсе — дакументы прымаюць з 8.00 да 12.00. У тэлеграм-чаце пішуць, што прынялі крыху больш за 130 чалавек. Тыя, хто не трапіў у лік шчасліўчыкаў, працягваюць ісці па чарзе ў аўторак. Паводле аднаго з удзельнікаў чата, 17 чэрвеня пасля поўдня ў спісе было 717 прозвішчаў.

У прыёмным пакоі Дэпартамента якасці адукацыі, куды мы патэлефанавалі як бацькі абітурыента, пацвердзілі:

— Сёння вельмі вялікая чарга. У пятніцу (14 чэрвеня, калі ў краіне прайшлі выпускныя. — Заўв. рэд.) атрымалі атэстаты, таму ўсе хочуць падацца ў першы дзень.

Пра тое, ці праўда, што некаторыя стаяць у чарзе з ночы, тут не ведаюць. Але парэкамендавалі падыходзіць да канца тыдня, тады людзей мусіць быць значна менш.

— Апастыль атэстата каштуе 200 рублёў, — удакладнілі ў прыёмным пакоі. — На наступны працоўны дзень пасля падачы з 8.00 да 12.00 можна забіраць.

Чытайце таксама