Ахоўнік адной са школ заносіў у журнал рэгістрацыі пашпартныя звесткі наведнікаў. У Нацыянальным цэнтры абароны персанальных звестак (НЦАПЗ) гэта палічылі парушэннем закона.
На ўваходзе ў навучальную ўстанову ахоўнік заносіў у журнал прозвішча, імя, імя па бацьку наведнікаў, а таксама серыю і нумар пашпарта. Адзін з візіцёраў паскардзіўся на такую практыку ў НЦАПЗ. У ведамстве правялі праверку і заключылі, што «фіксацыя серыі і нумары дакумента, які сведчыць асобу, цягне залішнюю апрацоўку персанальных звестак».
«Установе адукацыі былі скіраваныя патрабаванні выключыць практыкі апрацоўкі (збору і захоўвання) у журнале рэгістрацыі наведнікаў серыі і нумару дакумента, які сведчыць асобу суб’ектаў персанальных звестак», — паведамілі ў Наццэнтры абароны персанальных звестак.