У пачатку лета ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна памёр затрыманы Андрэй Макарэвіч. Пра гэта выданню «Новы Час» паведаміў былы аднакамернік памерлага.
Як піша выданне, мужчыну затрымалі за «дробны крадзеж», але адправілі ў камеру да «палітычных». Паводле экс-аднакамерніка Андрэя, мужчына хварэў на астму і меў патрэбу ў інгалятары. Флакон яму выдавалі па просьбе праз медперсанал ЦІП, але не заўсёды.
— Аднойчы яна (медык на Акрэсціна. — Заўв. рэд.) яму інгалятар не дала — пакінула яго ў аховы і сказала кожны раз прасіць ахоўніка, каб ім скарыстацца, — расказаў газеце былы аднакамернік.
У выніку Андрэй суткі прабыў без інгалятара:
— Удзень ён яшчэ сядзеў нармальна, адкашліваўся і гэтак далей. А ноччу хрыпеў так, што ўся «хата» заснуць не магла.
На наступны дзень прыйшла іншая змена медыкаў, і інгалятар зняволенаму выдалі. Тым не менш Андрэю рабілася ўсё горш. У камеры быў моцны скразняк, і ў нейкі момант усе, хто ў ёй знаходзіўся, захварэлі.
— У нядзелю я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць: «Званіце ў кнопку» — у кожнай камеры ёсць кнопка выкліку прадольных. Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны паваліўся, — расказаў экс-аднакамернік.
Ні доктару ЦІП, ні медыкам хуткай не ўдалося вярнуць Андрэя да жыцця.
— Усіх зняволеных перавялі ў іншую камеру на нейкі час. Але потым усіх «засялілі» назад. Ад Андрэя ў камеры засталіся толькі абутак і балончыкі ад інгалятара, — сказаў экс-сукамернік.
Адзначым, што ў базе праваабарончага цэнтра «Вясна», ёсць чалавек з імем і прозвішчам Андрэй Макарэвіч. Паводле звестак праваабаронцаў, ён быў раней асуджаны на тры гады «хатняй хіміі» па артыкуле пра абразу прадстаўніка ўлады. Калі быў абвешчаны прысуд — невядома.
Два дні таму паведамленне пра смерць на Акрэсціна Андрэя Макарэвіча прыйшло і ў рэдакцыю «Нашай Нівы». Выданню паведамілі, што ён памёр 12 чэрвеня ў камеры № 13, яму было 56 гадоў. «Наша Ніва» знайшла чалавека з такім імем у «Аднакласніках». У яго на старонцы было шмат перапостаў з «Хартыі-97». Пасля 1 чэрвеня ён знік з усіх сацсетак.
Жонка Макарэвіча паведаміла знаёмай мужчыны, што «ён на лецішчы і з ім усё добра». Іншыя знаёмыя Макарэвіча не змаглі паведаміць «Нашай Ніве» ніякай актуальнай інфармацыі.
Афіцыйныя крыніцы інфармацыю пра смерць мужчыны на Акрэсціна пакуль ніяк не пракаментавалі. Няма пра гэта нічога, па стане на вечар чацвярга, і ў прапагандысцкіх каналах.
Чытайце таксама