Шэсць кампаній, што пастаўляюць ветэрынарныя прэпараты, падзялілі паміж сабой рынак, каб пазбегнуць канкурэнцыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МАРГ.
Антыманапольнае расследаванне паказала, што шэсць кампаній, якія прадаюць ветэрынарныя прэпараты сельгаспрадпрыемствам, заключылі паміж сабой таемнае пагадненне. Замест працы ў канкурэнтных умовах яны падзялілі кліентаў.
Сутнасць пагаднення заключалася ў тым, што кожная кампанія замацавала за сабой пэўныя гаспадаркі. Гэта азначала, што іншыя кампаніі не маглі пасылаць туды сваіх ветэрынараў або менеджараў, рэкламаваць сваю прадукцыю ці заключаць дамовы з гэтымі арганізацыямі. Такім чынам, кожная кампанія працавала толькі з замацаванымі за ёю кліентамі.
Кампаніі вялі спецыяльную табліцу, дзе было відаць, якая гаспадарка за кім замацаваная, яна абнаўлялася па меры абнаўлення спісу кліентаў, вынікае з судовага дакумента.
Дзве з гэтых кампаній паспрабавалі абскардзіць рашэнне антыманапольнага органа ў Вярхоўным судзе, але суд пакінуў рашэнне ў сіле. МАРГ заяўляе, што, згодна з законам Беларусі, картэлі, то-бок антыканкурэнтныя пагадненні паміж кампаніямі, забароненыя, нават калі такія пагадненні заключаныя вусна.
Чытайце таксама