Падаткавікі працягваюць шукаць тых, хто жыве не па сродках. Так, у 2023 годзе яны выявілі перавышэнне выдаткаў над даходамі прыкладна ў 2500 чалавек. Ім налічылі да даплаты падаткаў на 29 млн рублёў. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Кавалеўскі падчас прэс-канферэнцыі 21 траўня ў Мінску.
Андрэй Кавалеўскі ўдакладніў, што штогод падаткавікі правяраюць выдаткі і даходы больш чым 200 тысяч чалавек. Прычым робяць гэта па той інфармацыі, якая ёсць у іх распараджэнні. Калі падаткавікі знаходзяць перавышэнне выдаткаў над даходамі, то просяць гэтых людзей патлумачыць, адкуль узялі грошы. Прычым просяць звесткі за апошнія дзесяць гадоў.
Як удакладніў Андрэй Кавалеўскі, у большасці выпадкаў фізічныя асобы не могуць даць пацверджанне, адкуль сродкі. «Выніковасць такіх праверак — 70%. Два з трох чалавек не могуць пацвердзіць паходжанне сваіх даходаў», — паведаміў прадстаўнік МПЗ. Ён удакладніў, што гаворка менавіта пра тых, хто атрымаў запыт на тлумачэнне, адкуль грошы.
Падаходны падатак на перавышэнне выдаткаў над даходамі цяпер складае 26% (звычайная стаўка такога збору — 13%).