Актыўны продаж беларусамі валюты ў лютым дазволіў Нацбанку падтрымаць золатавалютныя рэзервы, адзначаюць эксперты Еўразійскага банка развіцця. Гэта дапамагло перакрыць страты ад падзення цэн на золата на сусветным рынку. Нагадаем, ЗВР за мінулы месяц года павялічыліся на 125,1 млн даляраў — да 8218,6 млн. Два папярэднія месяцы гэты паказчык скарачаўся, прычым лютаўскі рост не змог перакрыць падзенне ў студзені і снежні.
«Прырост (ЗВР у лютым. — Заўв. рэд.) быў забяспечаны павелічэннем рэзервовых актываў у замежнай валюце на 146,2 млн даляраў. Пры гэтым кошт золата ў складзе рэзерваў паменшыўся за месяц на 10,7 млн даляраў за кошт нязначнага зніжэння цаны», — адзначаюць у ЕАБР.
Эксперты тлумачаць, што рост ЗВР стаў магчымы дзякуючы валюце, якую ў лютым здавала ў абменнікі насельніцтва.
«Рэзервы выраслі на фоне чыстай прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку сумай 37 млн даляраў, сфармаваным шмат у чым чыстым продажам замежнай валюты насельніцтвам сумай 168 млн даляраў за люты ў параўнанні з чыстай купляй 14 млн даляраў месяц таму», — удакладняюць у ЕАБР.
Прасцей кажучы, беларусы ў лютым прадалі банкам валюты на 168 млн больш, чым купілі. У студзені сітуацыя была супрацьлеглай: купілі на 14 млн даляраў больш, чым прадалі.
З пачатку гэтага года золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 91,2 млн даляраў.
Нагадаем, за 2023 год ЗВР выраслі на 197,9 млн даляраў — да 8 млрд 127,4 млн. Сярод прычын — падаражанне золата.
Чыноўнікі плануюць, што на канец 2024 года ЗВР складуць не менш за 6 млрд даляраў. Нацбанк раней заяўляў, што сумесна з урадам збіраецца працягнуць працу па падтрыманні ЗВР, што «будзе спрыяць павышэнню эканамічнай бяспекі краіны і забяспечанню фінансавай стабільнасці».
Чытайце таксама