У Беларусі вызначылі парадак афармлення выезду за мяжу на ПМЖ. Што змянілася ў правілах?
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Урад вызначыў Палажэнне пра парадак афармлення выезду для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі. Адпаведная пастанова 23 лістапада з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасля апублікавання. Адзначым, што ніякіх істотных зменаў дакумент не прадугледжвае — падобны парадак дзейнічаў і раней.

Беларускі пашпарт. Фота: «Люстэрка»

Дакумент вызначае парадак разгляду заяваў на афармленне выезду на ПМЖ за мяжу — гэтым займаюцца падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных справаў па месцы жыхарства грамадзян.

Пастанова таксама зацвярджае формы заявы на афармленне выезду, анкеты, якую патрабуецца запоўніць перад падачай папер, і іншых дакументаў.

Як патлумачыў Office Life начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, для беларусаў, якія падаюць заяву на афармленне выезду на ПМЖ, нічога не мяняецца: спіс дакументаў застаўся ранейшым, а інфармацыю пра грамадзян старанна правяралі і раней.

Пры гэтым змянілася сама пазнака ў пашпарце: раней на штампе адзначалі канкрэтную краіну, у якую выязджае беларус. Гэта стварала пэўныя складанасці, калі чалавек выязджаў, да прыкладу, у Польшчу, а потым перадумаў і з’ехаў у Германію. Цяпер жа гэты штамп зрабілі ўніверсальным, то-бок краіна выезду на ПМЖ у ім не ставіцца.

Падача дакументаў

Для атрымання дазволу на выезд чалавек, які дасягнуў 18 гадоў альбо набыў дзеяздольнасць у поўным аб’ёме, асабіста падае заяву і неабходныя дакументы ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ). За няпоўнагадовых паперы можа прынесці законны прадстаўнік.

Поўны пакет дакументаў для афармлення выезду на ПМЖ ёсць у п 11.4.1 або 11.4.2 (для няпоўнагадовых) пераліку адміністрацыйных працэдур: гэта анкета, пашпарт альбо ID-карта і біяметрычны пашпарт, фатаграфія 40×50, пасведчанні нараджэння, шлюбу (калі ён заключаны), нараджэння дзіцяці (калі яно ёсць) і іншыя дакументы.

Прымаючы дакументы, супрацоўнік АГіМ мусіць высветліць асобу грамадзяніна (яго прадстаўніка) у адпаведнасці з пашпартам альбо ID-картай, зверыць названыя ім звесткі з паказанымі дакументамі, растлумачыць прававыя наступствы афармлення выезду на ПМЖ, а таксама праінфармаваць пра падставы для адмовы.

Праверка звестак

Цягам трох дзён пасля падачы заявы падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі накіроўвае запыты наконт праверкі інфармацыі ў адпаведныя дзяржорганы (Мінюст, падатковая інспекцыя, упраўленне па грамадзянстве і міграцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама альбо аблвыканкама), якім даецца да 20 дзён, каб яе перадаць.

Будуць правярацца наступныя звесткі:

  • наяўнасць ці адсутнасць абмежавання права грамадзяніна на выезд;
  • наяўнасць у адзіным дзяржаўным банку звестак пра правапарушэнні;
  • выкананне падатковых абавязанняў;
  • для індывідуальных прадпрымальнікаў — факт спынення дзейнасці ў Беларусі;
  • для прызыўнікоў і мужчын ва ўзросце 18−27 гадоў, якія знаходзяцца ў запасе, — наяўнасць згоды ваеннага камісарыята;
Грамадзянін можа сам узяць у ваенкамаце даведку пра згоду на выезд і прыкласці яе да іншых дакументаў падчас падачы заявы ў АГіМ.

  • для грамадзян, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей або абавязаных плаціць аліменты, — выкананне аліментных абавянняў;
  • для грамадзян, абавязаных кампенсаваць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабяспечанні, — звесткі пра кампенсацыю такіх выдаткаў.

Прыняцце рашэння і апавяшчэнне

Не пазней чым праз 15 дзён з дня атрымання вынікаў праверак падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі мусіць прыняць рашэнне пра афармленне выезду грамадзяніна на ПМЖ альбо пра адмову.

У дзень прыняцця рашэння АГіМ яшчэ раз праверыць наяўнасць абмежаванняў на выезд і прысутнасць грамадзяніна ў банку звестак пра правапарушэнні.

Прынятае рашэнне зацвярджаецца кіраўніком падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі (яго намеснікам), інфармацыя пра яго заносіцца ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Грамадзянства і міграцыя».

Цягам трох рабочых дзён заяўніку накіроўваецца апавяшчэнне пра прынятае рашэнне.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: «Люстэрка»

Калі выезд ухвалілі

Калі АГіМ прыняў рашэнне аформіць выезд на ПМЖ за мяжу, у пашпарце грамадзяніна мусіць быць прастаўленая адпаведная пазнака.

Цягам трох дзён з даты вынясення рашэння чалавек здымаецца з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства ў Беларусі, цягам наступных трох дзён інфармацыя пра гэта адпраўляецца ў ваенкамат. Адзнака пра рэгістрацыю ў пашпарце грамадзяніна анулюецца.

Калі ж эмігрант потым вярнуўся жыць у Беларусь і зноў зарэгістраваўся па месцы жыхарства, у яго пашпарце анулююць адзнаку пра афармленне выезду на ПМЖ за мяжу.

Калі могуць адмовіць у выездзе на ПМЖ

Заяўніку могуць адмовіць у афармленні выезду на ПМЖ за мяжу ў наступных выпадках:

  • пададзеныя ілжывыя або няпоўныя звесткі, фальшывыя дакументы;
  • ёсць абмежаванні на выезд;
  • ёсць звесткі пра нявыкананыя абавязанні;
  • афармленне выезду прывядзе да таго, што няпоўнагадовы застанецца зарэгістраваным па месцы жыхарства ў Беларусі без законнага прадстаўніка, які пастаянна пражывае ў краіне, альбо няпоўнагадоваму будзе аформлены выезд на ПМЖ за мяжу без законнага прадстаўніка.

Як аформіцца на ПМЖ за мяжой

Аформіць пастаяннае пражыванне за мяжой беларусы могуць, ужо знаходзячыся ў іншай краіне — праз пасольства ці консульства.

Раней для завяршэння афармлення пастаяннага пражывання за межамі Беларусі грамадзяніну трэба было атрымаць пашпарт серыі РР. Але з уступленнем у сілу Закона ад 11.05.2023 № 268-З «Аб змяненні законаў» для гэтага патрабуецца толькі вынясенне адміністрацыйнага рашэння па заяве — гэта вызваляе чалавека ад неабходнасці атрымліваць такі дакумент, калі ў яго ёсць дзейны пашпарт унутранай серыі, у які ставіцца адзнака пра выезд.

Фармальна ён мусіць быць сапраўдным толькі на момант падачы адпаведнай заявы. Але з улікам вялікіх тэрмінаў разгляду такіх заяваў (4 месяцы для афармлення пастаяннага пражывання і 1 год для выхаду з грамадзянства) дзяржорганы маюць права запатрабаваць, каб дакумент быў сапраўдным яшчэ і на момант заканчэння вызначанага тэрміну на разгляд заявы.

Таму беларусам, у якіх ужо аформленае пастаяннае пражыванне за мяжой, патрэбны сапраўдны не менш за год пашпарт. У тых, каму яшчэ трэба будзе гэтую працэдуру прайсці, тэрмін дзеяння дакумента мусіць складаць яшчэ як мінімум 1,5 года. Абмяняць жа яго, паводле новых правілаў, можна толькі ў Беларусі.

Чытайце таксама