Банкі чакаюць, што беларускі рубель можа дэвальвавацца ў 2024 годзе. Падзенне нацвалюты, паводле прагнозу фінустановы, можа скласці 8−10% адносна цяперашніх значэнняў. Эканамісты таксама чакаюць, што нацвалюта здасць пазіцыі. Нацбанк раней дапусціў, што ў 2024 годзе давядзецца ўключаць друкавальны станок і «заліваць» эканоміку грашыма, каб падтрымаць рубель. «Люстэрка» паглядзела, як курс беларускага рубля змяніўся адносна асноўных валют з пачатку гэтага года.

Што прагназуюць банкі і эксперты на 2024 год па курсе рубля
Банкі чакаюць, што па базавым сцэнары ў наступным годзе беларускі рубель дэвальвуецца да 10%. Пры гэтым многае будзе залежаць ад курсу расійскага рубля, бо абедзве валюты моцна ўзаемаўвязаныя. У дэталях прагнозы розных банкаў адрозніваюцца, але не надта істотна. Да прыкладу, «Парытэтбанк» закладае ў свае планы на 2024 год наступныя курсы асноўных валют: даляр — 3,4 рубля, еўра — 3,6 рубля, 100 расійскіх рублёў — 3,54 беларускага. У «МТБанку» курс амерыканскай валюты прагназуюць у дыяпазоне 3,3−3,4 рубля, а ў Банку развіцця — 3,2−3,4 рубля.
У большасці банкаў лічаць, што аслабленне беларускай валюты будзе «кіравальным», то-бок без рэзкіх скокаў курсу.
Нагадаем, Нацбанк раней дапусціў, што ў 2024 годзе давядзецца ўключаць друкавальны станок і «заліваць» эканоміку грашыма, каб падтрымаць рубель.
Аналітыкі BEROC прагназуюць, што нават пры адсутнасці шокаў беларускі рубель будзе слабець адносна кошыка валют — па выніках года знізіцца на 8−9%. На іх думку, дынаміка курсаў рубля да асобных валют будзе залежаць ад траекторыі крос-курсаў на знешніх рынках. Пры знаходжанні курсу даляра да расійскага рубля каля 95−100 расійскіх рублёў за даляр курс даляра да беларускага рубля складзе 3,44 беларускага рубля за даляр у сярэднім за 2024 год (за гэты — 3,02 рубля). У такім выпадку 100 расійскіх рублёў будуць каштаваць 3,54 беларускага рубля.
Як змяніўся курс рубля да асноўных валют сёлета
На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 22 лістапада даляр падаражэў, а еўра — патаннеў. Так, курс даляра вырас на 0,4% — да 3,0785 рубля, а еўра патаннеў на 0,13% — да 3,3555 рубля. Расійскі рубель патаннеў на 0,02% — да 3,4925 рубля за 100 расійскіх рублёў.
Да гэтага беларускі рубель цягам некалькіх таргоў умацоўваўся да амерыканскай валюты. А раней валютны рынак штарміла ў кастрычніку і жніўні, тады рубель здаваў пазіцыі да даляра і еўра.
«Люстэрка» паглядзела, як цяперашнія курсы даляра і еўра адрозніваюцца ад тых, якія былі ў пачатку гэтага года. Так, курс даляра на 1 студзеня па курсе Нацбанка быў на ўзроўні 2,7364 рубля, то-бок гэтая валюта з пачатку года падаражэла на 12,5%.
Курс еўра па курсе Нацбанка на 1 студзеня быў 2,9073 рубля. Гэтая валюта з пачатку года дадала 14,5%.