Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Роўна сто гадоў таму, 8 лістапада 1923 года, у нямецкім Мюнхене пачаўся Піўны путч — першая спроба Адольфа Гітлера і яго партыі прыйсці да ўлады ў Германіі узброеным шляхам. Расказваем, чаму ў нацыстаў з’явілася ідэя такога выступлення, як яно праходзіла і чаму правалілася, а таксама якую ролю адыграла ў далейшым лёсе Гітлера і ўсяго свету.

Крах Германскай імперыі і надзеі на рэванш

Вытокі Піўнога путчу — у падзеях, якія здарыліся ў папярэдняе дзесяцігоддзе. У 1914 годзе Германія ўступіла ў Першую сусветную вайну. Першапачаткова гэтая краіна адносна паспяхова вяла баявыя дзеянні на ўсходзе, здолеўшы акупаваць значную частку тэрыторый Беларусі, Украіны і краін Балтыі. Менш немцам удалося прасунуцца на захадзе. Але супрацьстаяння на два фронты імперыя і яе эканоміка не вытрымалі, яе рэсурсы вычарпаліся. У выніку заходнія саюзнікі прарвалі нямецкую абарону і падышлі да межаў краіны. У дадатак у 1918-м у Германіі ўспыхнула Лістападаўская рэвалюцыя, у выніку якой кайзер (імператар) Вільгельм II адрокся ад трона. Краіна была абвешчаная рэспублікай і вымушаная прасіць пра перамір'е.

У 1919-м Германія падпісала Версальскую дамову, якая фактычна ўскладала ўсю адказнасць за вайну на яе. Хоць насамрэч у гэтым канфлікце практычна не было нявінных і вінаватых краін. Англія, Францыя і Расія змагаліся супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі (у абодвух блокаў былі свае саюзнікі). У цэлым гэта была бітва праціўнікаў, роўных адно аднаму.

Можна меркаваць, што, калі б у Першай сусветнай вайне прайгралі Францыя і Вялікабрытанія, сітуацыя была б люстраной. Таму Версальская дамова стала не спосабам аднавіць справядлівасць, а ўсяго толькі спробай перакласці адказнасць за страшную вайну на плечы пераможанага ворага.

Германия после Первой мировой войны. Изображение: wikipedia.org
Тэрытарыяльныя страты Германіі на карысць краін-суседак пасля Першай сусветнай вайны. Выява: wikipedia.org

У выніку Германія страціла прыкладна 10% насельніцтва і 13% тэрыторыі, а таксама свае калоніі, была абмежаваная ў памеры арміі і абкладзеная велізарнымі рэпарацыямі. Памер апошніх мусіў скласці 132 мільярды залатых марак (33 мільярды тагачасных даляраў ЗША, або каля 500 мільярдаў даляраў у сучасных цэнах). Разбураная пасляваенная эканоміка краіны аказалася няздольнай выплачваць даўгі ў такіх памерах.

Нядзіўна, што ў грамадстве хутка ўзніклі рэваншысцкія настроі. «Генерал Эрых Людэндорф — негалосны дыктатар рэйха ў апошнія два гады вайны — сцвярджаў у сваіх успамінах, што Германія прайграла [Першую сусветную] вайну не на знешнім, а на ўнутраным фронце. Пацыфісцкія і паражэнчыя настроі дэмакратычнай апазіцыі нібыта расклалі баявую мараль арміі. То-бок не ўсемагутнае вайсковае камандаванне, а пазбаўленыя падчас вайны якога-кольвек палітычнага ўплыву партыі Рэйхстага былі галоўнымі вінаватымі ў паразе. Так нарадзілася легенда пра „ўдары нажом у спіну“, вера ў тое, што імкненне Германіі да сусветнай гегемоніі павалілася не праз нездзяйсняльнасць гэтай мары, а пра здраду маленькай купкі ўнутраных ворагаў», — пісаў гісторык Леанід Люкс.

Невыпадкова менавіта Людэндорф у будучыні стане адным з ключавых удзельнікаў Піўнога путчу.

Эрих Людендорф. Фото: Александр Биндер, Библиотека Конгресса США, commons.wikimedia.org
Эрых Людэндорф. Фота: Аляксандр Біндэр, Бібліятэка Кангрэса ЗША, commons.wikimedia.org

Праблема рэваншысцкіх настрояў у нямецкім грамадстве аказалася не адзінай. Паводле Люкса, Веймарская рэспубліка (так гісторыкі называюць Германію ў 1918−1933 гадах) «была самым свабодным дзяржаўным утварэннем у гісторыі Германіі, за выключэннем ФРГ. Пра гэтую свабоду немцы марылі даўно, ледзь не з часоў вызваленчай вайны супраць Напалеона ў 1813 годзе. <…> Але эйфарычных настрояў гэтая нечакана заваяваная свабода амаль не выклікала, што і нядзіўна. Усталяванне дэмакратычнага ладу асацыявалася ў Германіі з паразай у сусветнай вайне, са зневажальнай Версальскай дамовай, стратай тэрыторый, рэпарацыямі, а таксама з глыбокім эканамічных крызісам, які дасягнуў свайго апагею ў 1923 годзе нечуванай у гісторыі Германіі інфляцыяй».

Веймарская рэспубліка аказалася нестабільнай. Частка грамадства адчувала патрэбу ў «цвёрдай руцэ», якая дапамагла б вырашыць усе праблемы. Альтэрнатываў фактычна было дзве: камуністы і нацысты.

Першыя паспрабавалі прыйсці да ўлады яшчэ ў 1919-м, але створаная імі Баварская савецкая рэспубліка праіснавала нядоўга (была разгромленая ўрадавымі войскамі і добраахвотнікамі). Няўдалай аказалася і наступная спроба паўстання камуністаў у 1920 годзе ў Рурскім раёне на паўночным захадзе Германіі. У сваю чаргу, правыя арганізавалі ў тым жа 1920-м няўдалы Капаўскі путч (названы па імені палітыка Вольфганга Капа, які быў адным з яго арганізатараў). Праз тры гады прыйшла чарга адной з крайне правых партый — нацысцкай.

Рост уплыву нацыстаў і Рурскі крызіс

Яшчэ ў 1919-м у Германіі з’явілася малалікая Нямецкая рабочая партыя. На адно з яе паседжанняў прыйшоў яфрэйтар Адольф Гітлер, які тады быў агітатарам рэйхсвера (нямецкай арміі). Яго задачай было весці прапаганду сярод грамадзян, каб не дапусціць сярод іх распаўсюду небяспечных ідэй. Уражаныя яго прамоўніцкім майстэрствам, стваральнікі партыі пераканалі яго ўступіць у іх шэрагі. Гітлер пагадзіўся — і зрабіў у гэтай невялікай і зусім не папулярнай структуры хуткую кар’еру. Ужо ў лютым 1920-га партыю на яго прапанову перайменавалі ў Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю (НСДАП). Таксама будучы фюрар апублікаваў праграму арганізацыі, напісаную ім у суаўтарстве — яна называлася «25 пунктаў».

У ёй ужо можна знайсці вытокі будучай нацысцкай палітыкі. Сярод патрабаванняў былі скасаванне палажэнняў Версальскай мірнай дамовы і пазбаўленне габрэяў нямецкага грамадзянства. «Мы патрабуем жыццёвай прасторы: тэрыторый і земляў (калоній), неабходных для пражытку германскага народа і для рассялення лішкавага германскага насельніцтва», — адзначалася ў праграме, што ў будучыні стане перадумовай для тэрытарыяльнай экспансіі (а пункт пра габрэяў стане асновай для палітыкі Халакосту).

Адольф Гитлер с членами НСДАП во время пропагандистской поездки, 1923 год. Фото: Bundesarchiv, Bild 102-00204 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Адольф Гітлер з чальцамі НСДАП падчас прапагандысцкай паездкі, 1923 год. Фота: Bundesarchiv, Bild 102−00204 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

У 1921-м Гітлер стаў старшынёй партыі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, адхіліўшы ад кіраўніцтва яе стваральнікаў, а яшчэ праз два гады паспрабаваў прыйсці да ўлады ва ўсёй Германіі.

Здавалася, да гэтага былі пэўныя перадумовы, бо менавіта ў 1923-м Германія сутыкнулася з жорсткім эканамічным крызісам. Недахоп грошай у бюджэце прывёў да пратэрміноўкі па рэпарацыйных плацяжах. У студзені 1923-га Францыя і Бельгія, якія не атрымлівалі ад немцаў агавораных грошай, у якасці своеасаблівага «закладу» акупавалі Рурскі прамысловы раён, дзе здабывалася 72% нямецкага вугалю і выраблялася больш за 50% чыгуну і сталі. Улады Германіі заклікалі насельніцтва Рура да «пасіўнага супраціву» і сабатажу. Акупацыйныя сілы адказалі рэпрэсіямі: высяленнем з Рура ў неакупаваную частку Германіі каля 130 тысяч чалавек, штрафамі і смяротнымі прысудамі ўдзельнікам супраціву.

Гэтыя падзеі яшчэ больш пагоршылі і без таго складаную сітуацыю. Калі 1 ліпеня 1923-га за даляр давалі 160 тысяч нямецкіх марак, то 1 кастрычніка — ужо 242 мільёны, а 20 лістапада — 4,2 трыльёна. Праз гіперінфляцыю і імгненнае абясцэньванне грошай бартар замяніў іншыя камерцыйныя ўгоды. Зберажэнні пенсіянераў і сярэдняга класа былі знішчаныя.

Сітуацыяй паспрабавалі скарыстацца радыкалы. У кастрычніку ў Саксоніі і Цюрынгіі камуністы аб’ядналіся з сацыял-дэмакратамі, збіраючыся захапіць уладу ва ўсім рэйху, але ў тым жа месяцы ў гэтыя землі ўвайшоў рэйхсвер (армія) і зрынуў мясцовыя ўрады. У тым жа кастрычніку камуністы арганізавалі паўстанне ў Гамбургу, якое было задушанае.

Скарыстацца акном магчымасцяў вырашыў і Гітлер, якога натхняў прыклад італьянскага дыктатара Беніта Мусаліні. За год да гэтага дучэ разам з тысячамі баевікоў сваёй Нацыянальнай фашысцкай партыі арганізаваў «паход на Рым», прымусіўшы караля прызначыць яго прэм’ер-міністрам.

У якасці старту для свайго выступлення будучы фюрар абраў Мюнхен — сталіцу Баварыі. Гэтае каралеўства доўгі час было самастойнай дзяржавай і толькі ў 1870-м далучылася да Паўночнагерманскага саюза, а ў наступным годзе — да створанай Германскай імперыі. З таго часу прайшло паўстагоддзя, мясцовы сепаратызм яшчэ не быў забыты. Ды і само ўладкаванне Веймарскай рэспублікі па-ранейшаму мела на ўвазе вельмі вялікую самастойнасць яе складовых частак — аж да таго, што ў кожным рэгіёне была свая ўласная паліцыя (агульнагерманскай не існавала).

Яшчэ ў сакавіку 1920 года пасля здушэння Капаўскага путчу прэм’ер-міністрам Баварыі быў прызначаны Густаў фон Кар, які быў на гэтай пасадзе наступныя паўтара года. Ён справакаваў некалькі канфліктаў з цэнтральным урадам у Берліне. Напрыклад, адмовіўся распусціць мясцовае ваенізаванае апалчэнне і падпарадкаваўся толькі пасля ультыматуму. Аднак спрэчка паміж Баварыяй і Берлінам на гэтым не скончылася. Урэшце ў сталіцы пайшлі на кампраміс і дазволілі Мюнхену захаваць свае самастойныя народныя суды — у будучыні гэта адыграе сваю ролю пасля Піўнога путчу.

Густав Кар (спереди слева) с Эрихом Людендорфом (в центре). 1921 год. Фото: Bundesarchiv / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Густаў Кар (на пярэднім плане злева) з Эрыхам Людэндорфам (у цэнтры), 1921 год. Фота: Bundesarchiv / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Праз два гады, у 1923-м, адносіны паміж Мюнхенам і Берлінам зноў абвастрыліся. Тады мясцовыя ўлады прызначылі Кара, які выношваў планы па аддзяленні Баварыі ад Германіі і рэстаўрацыі ў каралеўстве манархіі, генеральным камісарам гэтай зямлі з практычна дыктатарскімі паўнамоцтвамі. Сілавы блок быў прадстаўлены камандзірам рэйхсвера ў Баварыі, генералам Ота фон Лосавым і шэфам баварскай паліцыі, палкоўнікам Гансам фон Зайсерам.

Уся тройца сабатавала загады з Берліна. У тым ліку Лосаў — на загад Кара — адмовіўся закрыць нацысцкую газету Völkischer Beobachter, якая выходзіла ў Мюнхене. Гэта прымушае падазраваць, што кіраўніцтва Баварыі ўжо тады было звязанае з нацыстамі ці як мінімум сімпатызавала ім.

Генерал Ханс фон Сект, які камандаваў сухапутнымі войскамі рэйхсвера, не вытрымаў і 24 кастрычніка адхіліў Лосава ад яго пасады. Пасля гэтага трыумвірат адмовіўся падпарадкоўвацца, не прызнаў адстаўкі і прымусіў размешчаныя ў рэгіёне войскі прынесці спецыяльную прысягу баварскаму ўраду, што было прамым парушэннем Канстытуцыі. Тады Сект папярэдзіў, што ў выпадку адкрытага непадпарадкавання баварскага ўрада пашле ў рэгіён войскі рэйхсвера. Мясцовыя радыкальныя арганізацыі, у тым ліку НСДАП, пачалі патрабаваць ад трыумвірату першымі пайсці маршам на Берлін. Аднак Кар, Лосаў і Зайсер вагаліся.

Путч у піўной і марш у цэнтр горада

У гэтай атмасферы нацысты, чыя партыя налічвала ўжо больш за 50 тысяч чалавек, вырашылі ўмяшацца ў падзеі і дзейнічаць самастойна. Гітлер і яго паплечнікі распрацавалі некалькі варыянтаў магчымага сілавога захопу ўлады.

Паводле першага плана, 4 лістапада яны збіраліся захапіць падчас запланаванага ў Мюнхене вайсковага парада Кара, Лосава, Зайсера, а таксама баварскага кронпрынца Рупрэхта (яго бацька быў апошнім каралём Баварыі) і сілай змусіць іх далучыцца да сваіх дзеянняў па захопе ўлады. Але плошчу, дзе праходзіў парад, ачапіла паліцыя, і ад плана адмовіліся.

Паводле другога плана, у ноч з 10 на 11 лістапада планавалася сабраць узброеных штурмавікоў, якія падпарадкоўваліся НСДАП, непадалёк ад Мюнхена, увайсці ў горад і захапіць у ім уладу — ужо без усялякага ўдзелу трыумвірату. Калі падрыхтоўка да рэалізацыі другога варыянту была ўжо ў разгары, Гітлер прачытаў у газетах, што Кар разам з паплечнікамі будзе выступаць вечарам 8 лістапада на сходзе ў мюнхенскай піўной «Бюргербройкелер» (велізарныя піўныя залы ў той час нярэдка выкарыстоўваліся ў Германіі як пляцоўкі для палітычных сходаў). Будучы фюрар вырашыў, што гэта шанец захапіць у палон усю баварскую верхавіну адразу. Праз месца, у якім пачаліся ўсе падзеі, у гісторыю мяцеж і ўвайшоў як Піўны путч.

Пивная Бюргербройкеллер, где начался Пивной путч. 1923 год. Фото: Heinrich Hoffmann, Bundesarchiv, CC-BY-SA 3ommons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5482932Авторство: Bundesarchiv, Bild 146-1978-004-12A / Hoffmann, Heinrich / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de,
Піўная «Бюргербройкелер», дзе пачаўся Піўны путч, 1923 год. Фота: Heinrich Hoffmann, Bundesarchiv / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Увечары 8 лістапада 1923 года, прыкладна праз паўгадзіны пасля таго, як Кар пачаў сваю прамову ў «Бюргербройкелеры», каля шасцісот нацысцкіх штурмавікоў акружылі піўную, а ў яе залу забег Гітлер. Нацысты загадзя дамовіліся, што нешматлікія паліцэйскія, якіх паставяць сачыць за парадкам, не акажуць супраціву. Адзін з нацыстаў, Вільгельм Фрык, які працаваў у баварскім міністэрстве ўнутраных справаў, аддаў адпаведны загад паліцэйскаму афіцэру. Для надзейнасці ў вестыбюль закацілі кулямёт. Гітлер ускочыў на адзін са сталоў і стрэліў з рэвальвера ў столь. Кар збялеў і сышоў з трыбуны.

Гітлер заявіў, што «пачалася нацыянальная рэвалюцыя», урад Баварыі абвяшчаеца зрынутым, казармы ўзброеных сіл і зямельнай паліцыі нібыта захопленыя, а салдаты рэйхсвера і паліцэйскія ўжо маршыруюць пад нацыянал-сацыялістычнымі сцягамі. Усё гэта было не больш чым блефам, але прысутныя на сходзе былі сур’ёзна спалоханыя. Пасля гэтага палітык ізаляваў трыумвірат у асобным пакоі і са зброяй у руках пачаў пераконваць іх увайсці ў новы ўрад. Першапачаткова тыя прынцыпова адмаўляліся.

Гэта раз’юшыла Гітлера. «У мяне тут чатыры патроны: тры кулі — для маіх паплечнікаў у выпадку іх здрады, апошняя — для мяне самога! — крычаў ён, прыставіўшы пісталет да скроні. — Калі я не атрымаю перамогу да заўтрашняга вечара, я заб’ю сябе!» — «Гер Гітлер, — адказваў Кар, — вы можаце застрэліць мяне ці даць распараджэнне мяне забіць. Памру я ці не, не так важна…»

Выйшаўшы з перамоўнага пакоя да публікі, Гітлер зноў зблефаваў і паведаміў, што Кар, Лосаў і Зайсер пагадзіліся ўвайсці ў новы ўрад. Гэта дапамагло трохі схіліць да яго тых, хто сабраўся. А неўзабаве ў піўной з’явіўся Людэндорф, якога туды прывезлі памочнікі Гітлера. Ён быў злы, бо нічога не ведаў пра падрыхтоўку путчу — а яшчэ незадаволены нацыстамі, якія прапанавалі яму толькі ролю камандуючага новай арміяй, а не кіраванне ўсёй краінай. Але публіка адрэагавала на з’яўленне легендарнага военачальніка ў «Бюргербройкелеры» захоплена — і той таксама падабрэў.

Такая рэакцыя прысутных і факт з’яўлення Людэндорфа вымусілі трыумвірат усё ж пагадзіцца на далучэнне да путчу. Пасля гэтага Кара абвясцілі рэгентам Баварыі, Людэндорфа — камандуючым узброенымі сіламі. Гітлер мусіў стаць канцлерам. Ад захаплення ўдзельнікі сходу ўзлезлі на крэслы і сталы. Кіраўнік нацыстаў выступіў з заключнай прамовай. «Я хачу выканаць цяпер клятву, дадзеную пяць гадоў таму, калі я знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі, аслеплы пасля кантузіі: з усіх сіл змагацца за зрынанне злачынцаў Лістапада (удзельнікаў рэвалюцыі 1918 года, вынікам якой стала падзенне імперыі. — Заўв. рэд.), пакуль на руінах цяпер няшчаснай Германіі не будзе адноўленая моцная, вялікая, свабодная і дасканалая Германія», — крычаў ён.

Прысутная пачалі разыходзіцца, а Гітлер, даведаўшыся пра сутычку з урадавымі сіламі ў адным з раёнаў, вырашыў паехаць на месца, пакінуўшы з трыумвіратам Людэндорфа. Затым Кар, Лосаў, Зайсер і іншыя чальцы «ўрада» пад рознымі нагодамі папрасіліся адысці, даўшы генералу «сумленнае афіцэрскае слова», што яны падтрымаюць паход на Берлін.

Участники Пивного путча с арестованными ими членами городского совета Мюнхена, 1923 год. Фото: Bundesarchiv, Bild 146−2007−0003 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Удзельнікі Піўнога путчу з арыштаванымі імі чальцамі гарадской рады Мюнхена, 1923 год. Фота: Bundesarchiv, Bild 146−2007−0003 / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Іх адпусцілі — і гэта было фатальнай памылкай змоўшчыкаў. Аказаўшыся на волі, сілавікі неадкладна звязаліся з часткамі рэйхсвера, паведаміўшы пра спробу путчу, а таксама перавялі мясцовы ўрад з Мюнхена ў адзін з суседніх населеных пунктаў. Па горадзе расклеілі наступныя пракламацыі: «Падман і хлусня прагных да славы малойчыкаў ператварылі маніфестацыю нацыянальнага адраджэння ў агідную сцэну гвалту. Вырваная ў мяне, генерала фон Лосава, і палкоўніка фон Зайсера пад ствалом пісталета заява абсалютна нічога не значыць. Загадваю лічыць распушчанымі нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю і [атрады штурмавікоў] <…>. Фон Кар, генеральны камісар».

Зрэшты, нацысты і без гэтага дзейнічалі па-дылетанцку. Толькі Эрнст Ром, кіраўнік штурмавікоў, захапіў будынак камандавання вайсковай акругі. Але і яго атрад хутка заблакавалі. Праз тэлеграф, які застаўся пад кантролем уладаў, прыйшла тэлеграма з Берліна ад фон Секта: камандуючы сухапутнымі войскамі загадваў баварскаму рэйхсверу здушыць мяцеж. Пасля гэтага войскі занялі ключавыя аб’екты Мюнхена. Гітлер быў у роспачы — ён спадзяваўся захапіць уладу разам з войскам, а цяпер яно было супраць яго.

Непазбежная развязка наступіла на наступны дзень, 9 лістапада. Спрабуючы вярнуць страчаную ініцыятыву, Людэндорф прапанаваў высунуцца ў цэнтр горада і ўз'яднацца з заблакаваным атрадам Рома. Пры гэтым ён спадзяваўся на ўласны аўтарытэт: маўляў, рэйхсвер і паліцыя не асмеляцца затрымаць героя сусветнай вайны і замест гэтага далучацца да яго. Пасля доўгіх сумневаў Гітлер пагадзіўся. Калона з прыкладна трох тысяч нацыстаў рушыла ў цэнтр горада.

Першы патруль на мосце Людвіга яны здолелі прайсці: Герман Герынг — у будучыні адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Гітлера — заявіў, што ў калоне ў якасці закладнікаў знаходзяцца баварскія міністры і, калі калону не прапусцяць, ён іх расстраляе. Але гэта быў апошні поспех путчыстаў. Апоўдні яны выйшлі на вузкую вуліцу Рэзідэнцштрасэ, якую перакрылі каля 100 паліцэйскіх. Адсюль было рукой дастаць да будынка, у якім быў заблакаваны Ром (цікава, што за ўвесь гэты час ні штурмавікі, ні салдаты, якія акружылі іх, не зрабілі ніводнага стрэлу).

Мюнхенская площадь Одеонсплац после столкновения во время Пивного путча. 9 ноября 1923 года. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Мюнхенская плошча Адэонсплац пасля сутыкнення падчас Піўнога путчу. Злева — вуліца Рэзідэнцштрасэ, дзе і адбылося фінальнае сутыкненне путчу. 9 лістапада 1923 года. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Рэзідэнцштрасэ заблакаваў атрад узброеных паліцэйскіх. Нацысты паспрабавалі зноў уступіць у перамовы, прыкрываючыся імем Людэндорфа, — але гэта не дапамагло: іх праціўнікі служылі ў паліцыі, а не ў войску, і прозвішча генерала мала што для іх значыла. Пачуліся першыя стрэлы — з якога менавіта боку, дагэтуль незразумела. У любым выпадку пасля гэтага пачалася 2-хвілінная перастрэлка, у якой былі забітыя чатырнаццаць нацыстаў і чацвёра паліцэйскіх. Герман Герынг быў паранены ў пахвіну (пазней гэтае раненне зробіць яго залежным ад марфіну). Іншыя путчысты, уключаючы Гітлера, разбегліся. Яшчэ двух нацыстаў забілі ў іншым месцы горада.

Будучы фюрар адным з першых збег з Рэзідэнцштрасэ і з’ехаў да знаёмых за горад. Вядома, што падчас тых падзей ён пашкодзіў руку (магчыма, калі яго запіхвалі ў машыну падчас затрымання праз два дні). Герынга выратаваў габрэй — уладальнік размешчанага побач з месцам перастрэлкі банка. Потым адзін з тых людзей, якія праз дзесяцігоддзе будуць праводзіць антысеміцкую палітыку ў нацысцкай Германіі, схаваўся ў Аўстрыі. Праз дзве гадзіны пасля страляніны на Рэзідэнцштрасэ Ром зразумеў бесперспектыўнасць барацьбы і здаўся ўладам. Людэндорфа таксама арыштавалі на месцы падзей. Ён дэманстраваў пагарду да бунтаўнікоў, у якіх не хапіла мужнасці пайсці за ім, а расчараванне ў вайскоўцах, якія не прынялі яго бок, было такое вялікае, што генерал пакляўся больш ніколі не адказваць на вітанне германскіх афіцэраў і ніколі не насіць вайсковую форму.

Суд, які ператварыўся ў фарс, і наступствы для свету

Пасля правалу выступлення большасць яго ўдзельнікаў трапіла ў турму. 26 лютага 1924 года ў Мюнхене над імі пачаўся суд. Наогул іх мусілі судзіць у Берліне. Але баварскія ўлады выкарысталі ранейшую саступку і перадалі справы ў народны суд, які ў выніку ператварыўся ў фарс.

Прибытие обвиняемых по делу о путче на суд. В центре — Людендорф, справа от него Гитлер, второй справа — лидер штурмовиков Рем. 1 апреля 1924 года. Фото: Bundesarchiv, Bild 102-00344A / Heinrich Hoffmann / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.
Прыбыццё абвінавачаных па справе пра путч на суд. У цэнтры — Людэндорф, справа ад яго — Гітлер, другі справа — лідар штурмавікоў Ром. 1 красавіка 1924 года. Фота: Bundesarchiv, Bild 102−00344A / Heinrich Hoffmann / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.

Гітлер хутка зразумеў, што дзякуючы гучнай справе ён з мала каму вядомага палітыка можа стаць знакамітым на ўсю Германію. Падчас працэсаў, на якіх прысутнічала мноства нямецкіх і замежных журналістаў, ён пускаўся ў даўжэзныя прамовы пра прычыны путчу і пра любоў да Германіі, якія перамяжоўваліся прапагандай яго ідэй. У выніку для тысяч людзей, якія сачылі за судом, ён і яго паплечнікі са злачынцаў ператварыліся ў пакутнікаў. Праз крызіс, які працягваўся ў краіне, словы Гітлера знаходзілі водгук у многіх немцаў.

«Я адзін нясу за ўсё адказнасць. Але гэта зусім не азначае, што я — злачынец. Калі мяне судзяць тут як рэвалюцыянера, то я і ёсць рэвалюцыянер, які змагаецца супраць рэвалюцыі 1918 года. А ў дачыненні да тых, хто выступае супраць здраднікаў, нельга выставіць абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе, — гаварыў ён. — <…> Я веру, што прыйдзе час, калі людзі, якія стаяць сёння на вуліцы пад нашым сцягам са свастыкай, аб’яднаюцца з тымі, хто страляў у іх… Калі я даведаўся пра тое, што ў нас стралялі „зялёныя“ паліцэйскія, я з задавальненнем адзначыў, што крывёю заплямілі сябе не ўзброеныя сілы рэйхсвера. Гонар рэйхсвера бездакорны, як і раней. Аднак праб’е гадзіна, калі і афіцэры, і шарагоўцы рэйхсвера пяройдуць на наш бок».

У выніку Людэндорфа наогул апраўдалі, астатнія дзевяць абвінавачаных атрымалі па пяць гадоў — мінімальны тэрмін па артыкуле за здраду радзіме. Умовы адбыцця пакарання былі вельмі мяккімі — змоўшчыкам дазвалялі збірацца разам і абмяркоўваць палітычныя пытанні, а таксама прымаць наведнікаў. Улічваючы тое, што Ландсбергская турма знаходзіцца побач з Мюнхенам, зняволенне лідараў партыі амаль ніяк не перашкодзіла працягу працы нацыстаў. А ўжо ў снежні 1924 года Гітлера ўмоўна-датэрмінова вызвалілі за добрыя паводзіны. У выніку ў зняволенні за спробу дзяржаўнага перавароту ён прабыў усяго каля года.

Са станоўчых наступстваў путчу можна назваць толькі тое, што нацысты сваім радыкальным выступам не набылі сімпатый выбаршчыкаў. На парламенцкіх выбарах 1924 года Нацыянал-сацыялістычная партыя свабоды (арганізацыя, часова створаная замест забароненай НСДАП) набрала 3% і правяла ў парламент 14 дэпутатаў. Праз чатыры гады ўжо адноўленая НСДАП сабрала ўсяго 2,63% і правяла 12 дэпутатаў. Калі б не пачаўся сусветны эканамічны крызіс, нацысты рызыкавалі б застацца малавядомымі маргіналамі.

Нацисты, участвовавшие в Пивном путче. Крайний слева - Адольф Гитлер. Фото: Bildarchiv Preussischer Kulturbesitz, commons.wikimedia.org
Нацысты, якія ўдзельнічалі ў Піўным путчы, падчас адбыцця пакарання ў турме Ландсберг, 1924 год. Крайні злева — Адольф Гітлер. Фота: Bildarchiv Preussischer Kulturbesitz, commons.wikimedia.org

Адмоўных наступстваў аказалася нашмат больш. У зняволенні Гітлер напісаў сваю знакамітую кнігу Mein Kampf («Мая барацьба»), якая стала праграмным творам нацыстаў. У ім будучы фюрар развіў свае ідэі антысемітызму і расавую тэорыю.

Падчас працэсу Гітлер адсунуў Людэндорфа на задні план і стаў вядомым ва ўсёй Германіі чалавекам. На мяжы 1920−30-х гадоў немцы ўспомнілі пра лідара нацыстаў — і неўзабаве дапусцілі не толькі яго прыход да ўлады, але і з’яўленне дыктатуры. Калі б не было путчу, магчыма, гэтага б не здарылася. Дарэчы, фюрар так і не забыў той паразы. У 1934-м Густаў Кар, які адмовіўся падпарадкавацца нацыстам, быў забіты падчас «Ночы доўгіх нажоў» (дарэчы, тады ж з жыццём развітаўся і кіраўнік штурмавікоў Эрнст Ром, які стаў да таго часу клопатам для Гітлера).

Але самае галоўнае — путч змяніў светапогляд Гітлера. Пацярпеўшы паразу на вуліцы, ён больш не паўтараў сваіх памылак і зрабіў стаўку на прыход да ўлады праз парламенцкія выбары — то-бок законным шляхам. Трагедыяй стала тое, што ў нацыстаў гэта атрымалася. А потым менавіта такі, фармальна законны, шлях стаў папулярны і сярод многіх іншых палітыкаў, якія імкнуцца да неабмежаванай улады — беларусам такі прыклад добра знаёмы.

Чытайце таксама