«Працаваў на беларускія спецслужбы». У Польшчы паведамілі пра затрыманне яшчэ аднаго шпіёна-замежніка
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Улады Польшчы расказалі пра затрыманне яшчэ аднаго замежніка, які падазраецца ў шпіянажы. Яго ідэнтыфікавала служба вайсковай контрразведкі. Гэтым разам сцвярджаецца, што затрыманы працаваў менавіта на спецслужбы Беларусі.

Фото: бюро министра-координатора специальных служб Польши
Фота: бюро міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы

Мужчыну затрымалі яшчэ 1 сакавіка — мяркуючы па ўсім, у Люблінскім ваяводстве. Яму выстаўленае абвінавачванне ў шпіёнскай дзейнасці на карысць разведкі Беларусі.

«Сабраныя матэрыялы сведчаць, што падазраваны праводзіў разведку аб’ектаў, важных для бяспекі Рэспублікі Польшча, у тым ліку звязаных з польскімі Узброенымі сіламі», — паведамляе бюро міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы.

Раённы суд Любліна санкцыянаваў заключэнне замежніка пад варту на тры месяцы.

Паведамляецца, што з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну польскія службы затрымалі ўжо 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расійскай альбо беларускай разведкай.

Раней у панядзелак стала вядома пра затрыманне 21 сакавіка ў Гданьску замежніка, які, паводле звестак спецслужбаў, са студзеня 2023 года супрацоўнічаў з расійскай разведкай. Ён прызнаў віну.

Нагадаем, улады Польшчы 15 сакавіка паведамілі пра раскрыццё сеткі расійскіх шпіёнаў, якія ўсталявалі дзясяткі камер на чыгунках у Польшчы, у асноўным на маршрутах, па якіх перавозяцца ваенная тэхніка і дапамога ва Украіну. У Польшчы лічаць, што такім чынам адсочваўся рух саставаў і рыхтаваліся дыверсіі.

Беларускія прапагандысты заявілі, што сярод затрыманых у Польшчы — трое грамадзян Беларусі, і назвалі іх прозвішчы: гэта 29-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха, 18-гадовая Марыя Мядзведзева і 52-гадовы Мікалай Маскаленка.

Польскія СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы таксама пісалі пра тое, што сярод дзевяці затрыманых па падазрэнні ў шпіянажы расіян няма — толькі беларусы і ўкраінцы. Улады краіны таксама не выключылі новых арыштаў па справе праз мноства знойдзеных доказаў.